№48 от 25.11.09

borisovnews.by

Сколько стоит бензин в Белоруссии
Наша жизнь
2 декабря 2009

«СМЕРЦЬ МУЖА НІКОЛІ НЕ ДАРУЮ»

У «Барысаўскіх навінах» за 3 чэрвеня 2009 года быў змешчаны матэрыял пад загалоўкам «Чалавек памёр пасля аперацыі...».

Нагадаем чытачам, што размова ў артыкуле ішла пра тое, як пасля аперацыі на дабраякасную гіперплазію прастаты, якая была зроблена ў мясцовай бальніцы, памёр барысаўскі пенсіянер Віктар Андрэевіч Каласоўскі. Тады ўдава Валянціна Мікалаеўна Каласоўская звярнулася са скаргай у Старабарысаўскі аддзел міліцыі Барысаўскага РУУС, каб прыцягнуць хірургаў да крымінальнай адказнасці паводле часткі 2–й артыкула 162 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медработнікам і прычыненне пацыенту па неасцярожнасці смерці). Папярэдняе расследаванне заявы В.Каласоўскай распачаў следчы В.Бусел.

Пра гэта «Барысаўскія навіны» абяцалі расказаць чытачам, як толькі аналітыкі і эксперты дзяржсудмедэкспертызы скажуць сваё важкае слова. Бо менавіта туды былі накіраваны матэрыялы папярэдняй міліцэйскай праверкі.

Следчы прызначае судмедэкспертызу

У рукі журналістаў падобныя дакументы экспертызы, пагадзіцеся, трапляюць не кожны дзень. Таму ёсць сэнс азнаёміцца з заключэннем адносна смерці В.Каласоўскага, якое зрабілі члены экспертнай камісіі ў складзе начальніка Упраўлення судова–медыцынскіх экспертыз А.Гусакова, загадчыка кафедры уралогіі, анестэзіялогіі і рэаніматалогіі Белдзяржмедуніверсітэта, прафесара, доктара медыцынскіх навук А.Строцкага, дацэнта кафедры уралогіі, анестэзіялогі і рэаніматалогіі БДМУ, кандыдата медыцынскіх навук Е.Юшко, дзяржаўнага медыцынскага судовага эксперта аддзела складаных экспертыз, спецыяліста ў галіне анестэзіялогіі і рэаніматалогіі А.Максімава і дзяржаўнага судмедэксперта аддзела складаных экспертыз, кандыдата медыцынскіх навук В.Піліпенкі.

Перад гэтымі вядомымі ў краіне медыцынскімі адмыслоўцамі стаяла даволі складаная задача: азнаёміцца з амбулаторнай карткай нябожчыка Віктара Каласоўскага, 1935 года нараджэння,  выслухаць ягоную жонку, даследаваць усе нюансы хваробы яе мужа, іншыя матэрыялы справы. У тым ліку матэрыялы папярэдняй праверкі скаргі ўдавы, што праводзіў следчы Старабарысаўскага аддзела міліцыі Барысаўскага РУУС В.Бусел. Гэты ж міліцыянер 20 красавіка бягучага года прыняў пастанову аб прызначэнні судова–медыцынскай экспертызы па факту смерці В.Каласоўскага. Вучоныя мужы, у прыватнасці, ставілі перад сабой каля дзесяці пытанняў. Асноўнае з іх – ці была прамая прычына смерці пры аказанні медыцынскай дапамогі  В.Каласоўскаму?

Натуральна, эксперты павінны былі даследаваць правільнасць правядзення аперацый з тэхнічнага пункту гледжання і прааналізаваць зыход хірургічнага ўмяшальніцтва ў арганізм хворага чалавека ды іншыя нюансы гэтай справы.

Што ж канкрэтна падштурхнула следчага Старабарысаўскага аддзела міліцыі старшага лейтэнанта В.Бусела прызначыць судмедэкспертызу?

Чытаем вытрымку з пастановы:

«Устаноўлена, што Каласоўскі В.А. у перыяд з 29.01.2009 па 13.02.2009 знаходзіўся ў рэанімацыйным аддзяленні Барысаўскай ЦРБ, дзе яму было праведзена чатыры аперацыі. Доктар Мядзел А.В. патлумачыў, што ў хворага праявілася вострая ныркавая недастатковасць, таму ён мае патрэбу ў сеансах гемадыялізу, які ёсць у абласной бальніцы, у сувязі з чым хворы быў туды накіраваны 13.02.2009, дзе памёр 25.02.2009 з прычыны дабраякаснай гіперплазіі прастаты...»

А цяпер азнаёмімся з паказаннямі ўдавы Валянціны Каласоўскай, якія фігуруюць у матэрыялах следства:

«У Барысаве 29.01.2009 яму (В. Каласоўскаму. – Заўв. аўтара)  была зроблена аперацыя з нагоды адэномы прастаты. Аперацыю рабілі новым спосабам, і доктар дапусціў хіб, гэта значыць прабіў мачавы пузыр. Але мне нічога не сказалі. Толькі ў абласной бальніцы паведамілі пра гэта. А ў Барысаве, каб схаваць сваю пагрэшнасць, трымалі яго ў рэанімацыі з 31.01 да 13.02.2009. Мне наведваць мужа не дазвалялі. Казалі, што ў яго баляць ныркі, ён неадэкватны. Падчас транспартыроўкі ў Мінск на машыне “хуткай дапамогі” ён мне паведаміў, што чуў размову медыкаў: маўляў, ён памрэ, але яго адправяць у Мінск. У абласной бальніцы зрабілі пятую аперацыю (у Барысаве яго аперыравалі 4 разы). Калі ўскрылі жывот, дык фантанам біла мача. Быў парваны мачавы пузыр і мачаточнікі... Пасля  аперацыі 14.02.2009 у размове са мною доктар Бабко С.А. (работнік абласной бальніцы. – Заўв. аўтара) патлумачыў, што ў мужа падчас аперацый у ЦРБ быў пашкоджаны мачавы пузыр. Потым я прыйшла наведаць мужа ў рэанімацыю, дзе дзяжурны доктар (жанчына, дадзеных не ведаю, але магу апазнаць) расказала мне, што прысутнічала на аперацыі майго мужа 14.02. 2009, –  пасля ускрывання жывата мача ішла фантанам, а таксама былі парваны мачаточнікі».

Але гэта – паказанні спадарыні Каласоўскай, якая наўпрост абвінавачвае барысаўскіх медыкаў у непрафесійным выкананні сваіх абавязкаў, што пацягнула за сабой смерць яе мужа. Эксперты павінны быць абсалютна ні ў чым не зацікаўленымі і аб’ектыўнымі. Што думаюць яны на гэты конт?

Экспертнае даследаванне

На пачатку азнаямлення з экспертызай гэтыя спецыялісты такімі  і падаліся.

Вось што зафіксавалі яны ў першай па ліку даследчай частцы свайго заключэння №189. Гаворка вялася вакол нюансаў чатырох аперацый, зробленых В.Каласоўскаму ў Барысаўскай цэнтральнай раённай бальніцы 29 студзеня, 2, 3 і 6 лютага, а таксама ў абласной бальніцы 14, 17 і 24 лютага 2009 года.

Цытуем вытрымкі:

«Стан пасля трансурэтальнай рэзекцыі 29.01 2009. ТУР–сіндром… Пашкоджанне капсулы прастаты і задняй сценкі мачавога пузыра. Рэтравезікальная гематома» (стар. 11).

«...03.02.2009 у 20.00 агледжаны уролагам... Стан хворага цяжкі. Скаргі на болі ў ране, агульную слабасць… Падчас спробы прамывання урэтральнага клапана выявілася, што ён не функцыянуе. Магчыма перфарацыя капсулы прастаты, шыйкі мачавога пузыра. Патрабуецца тэрміновая аперацыя – рэвізія мачавога пузыра» (стар. 9).

«...Улічваючы цяжкі стан хворага, наяўнасць дзвюх паўторных аперацый… 6.02.2009 быў выкліканы ў Барысаўскую ЦРБ кансультант з УЗ «Мінская абласная клінічная бальніца», доктар–уролаг Васюкевіч А.Н., які сумесна з Шарандзінай А.М. зрабіў рэвізію мачавога пузыра і забрушыннай прасторы. У ходзе аперацыі была эвакуіравана запузырная гематома да 150 мл, а таксама выяўлена адтуліна ў задняй сценцы каля шыйкі мачавога пузыра, паходжанне якой было невядома» (стар. 17).

«Д–з: Стан пасля трансурэтальнай рэзекцыі прастаты (29.01.2009). ТУР–сіндром. Разрыў мачавога пузыра» (стар.13).

«14.02.2009. Перадаперацыйны эпікрыз: на падставе скаргаў, анамнезу, дадзеных аб’ектыўных ды інструментальных метадаў абследавання ўстаноўлены дыягназ — разрыў ложа адэномы прастаты. Падбрушынны мачавы зацёк, які распаўсюджваецца на забрушынную прастору справа, паравезікальную клятчатку пераважна справа, машонку. Мачавы перытаніт» (стар. 13).

«У хворага мела  месца пашкоджанне капсулы прастаты, што прывяло потым да развіцця мачавых зацёкаў у забрушыннай прасторы і малым тазе… Праводзімае інтэнсіўнае комплекснае  лячэнне адбывалася ва ўмовах цяжкага стану хворага, звязанага з інтаксікацыяй і ныркавай недастатковасцю, якая і з’явілася  непасрэднай прычынай смерці» (стар. 2).

  Высновы

 Цытаванне прыведзеных вытрымак з матэрыялаў экспертаў паказвае, як складана і трагічна праходзіла аператыўнае ўмяшальніцтва дактароў у арганізм Віктара Каласоўскага. Перад тым як памерці, чалавек перанёс ажно 7 аперацый! 

Мы яшчэ вернемся да гэтай размовы. Але спачатку неабходна азнаёміцца з тымі высновамі, якія зрабілі эксперты. У перакладзе з пратакольнай мовы судова–медыцынскай экспертызы на гутарковую мову медыкі засведчылі наступнае.

Віктар Андрэевіч Каласоўскі пакутаваў на дабраякасную гіперплазію прастаты (ДГП). Але ў раннім пасляаперацыйным перыядзе ў чалавека развілася цяжкае ўскладненне, ТУР–сіндром. Такая пострэакцыя на аперацыйнае ўмяшальніцтва сустракаецца ў 4–х працэнтаў хворых. Ускладненне ў выпадку з Віктарам Каласоўскім прывяло да ныркавай недастатковасці. Плюс  пашкоджванне (перфарацыя) капсулы прастаты. Плюс інтаксікацыя, гэта значыць атручванне ўсяго арганізма. Але барысаўскія і мінскія дактары зрабілі ўсё магчымае дзеля ратавання хворага чалавека. Праўда, мелі месца асобныя недахопы.

Напрыклад, эксперты ўказалі хірургам–уролагам Барысаўскай ЦРБ, што яны парушылі зацверджаныя загадам Мінаховы здароўя РБ ад 19 мая 2005 года №274 «Клінічныя пратаколы дыягностыкі і лячэння хворых з паталогіяй мочапалавой сістэмы». Дактары «не прызначалі хвораму і не правялі аналіз прастатычнага соку з пасевам на флору і адчувальнасць да антыбіётыкаў». Такі аналіз прызначаецца з мэтай дыферэнцыраванай дыягностыкі прастатыту (запаленне прастаты), піеланефрыту (запаленне ныркавых лаханак і стромы нырак), а таксама цыстыту (запаленне мачавога пузыра). Мела месца таксама і адыходжанне ўстаноўленай на аперацыі 2 лютага 2009 года цыстамічнай трубкі мачавога пузыра. У выніку парушылася дрэнаванне мачавога пузыра з яго паўторным перарасцяжэннем мачой і перфузійным растворам. Паводле меркавання членаў судова–медыцынскай экспертызы, гэта і прывяло да разрыву капсулы прастаты як найбольш слабага месца хворага. У выніку ўтварыўся мачавы зацёк у каляпузырнай прасторы. Выявіўся разрыў ложа прастаты.

Зрабілі эксперты і заўвагі на адрас барысаўскіх дактароў–уролагаў. Напрыклад, было зазначана: падчас аказання медыцынскай дапамогі В.А. Каласоўскаму уролагам УЗ «Паліклініка №2 г. Барысава» А.Лягковым «не ў поў­най ступені выкананы пункт 2.1 ведамаснай інструкцыі «забеспячэнне належнага ўзроўню абследавання і лячэння пацыентаў у адпаведнасці з сучаснымі дасягненнямі медыцынскай этыкі, навукі і тэхнікі». Падобны папрок кінуты і на адрас доктара–уролага з цэнтральнай райбальніцы А.В.Мядзела.

Цікава, што крытыка экспертаў не абышла і загадчыцу уралагічнага ад­дзялення УЗ «Барысаўская ЦРБ» А.М. Шарандзіну, – яна не ў поўнай ступені ў памянёнай ведамаснай інструкцыі забяспечыла выкананне п.2.5, які тычыцца «сістэматычнага аналізу працы ардынатараў аддзялення ў адносінах правільнасці вызначэння дыягназаў, прызначэння лячэння і ягонай эфектыўнасці, а таксама правільнасцi вя­дзення медыцынскай карты хворага».

Што датычыць галоўнай высновы заключэння №189 экспертаў ад 19 кастрычніка 2009 года, то яна гучаць так: «…судова–медыцынская экспертная камісія лічыць, што паміж недахопамі, якія меліся ў дзеяннях дактароў УЗ «Барысаўская ЦРБ» падчас абследавання і лячэння Каласоўскага В.А., і яго смерцю прамой прычынна–следчай сувязі няма».

Пра кошт недахопаў

Трэба зазначыць, што на першую аперацыю ў барысаўскую уралогію Віктар Андрэевіч Каласоўскі прыйшоў сваімі нагамі, а пакінуў бальніцу ў катафалку. Не было б гэтай бальніцы ў ягонай біяграфіі, магчыма, жыў бы чалавек на свеце яшчэ не адзін год. Хаця ў галоўнай выснове эксперты пашкадавалі барысаўскіх уролагаў. Экспертнае даследаванне паказала, што нашы хірургі не ведалі нюансаў арганізму свайго пацыента. Перад паступленнем у мясцовую бальніцу ён не быў дасканала абследаваны з дапамогай найноўшага дыягнастычнага абсталявання ў адпаведнасці з сучаснымі дасягненнямі навукі і тэхнікі. Каб выйсці з гэтага становішча, хвораму чалавеку рабілі хірургічныя аперацыі. Нібыта гэта быў не чалавек, а нейкі анатамічны манекен, на якіх вучаць студэнтаў–хірургаў. Па сутнасці, яшчэ крэпкаму чалавеку – бацьку, мужу і дзеду было наладжана выпрабаванне хірургічным скальпелем. Скажыце, шаноўныя чытачы, ці адважыцеся вы легчы пад скальпель хірурга, які абяцае правесці вам 7 аперацый? I якiх ніхто не стане папракаць у «няправільнасці вядзення медыцынскіх картак хворага». Гэты хiб, дарэчы, акрамя Валянціны Мікалаеўны Каласоўскай, заўважыла экспертная камісія.


Послать комментарий
CAPTCHA image

Другие новости рубрики
Справочный стол
Командировка в США
ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ

ЧПУП "Букас медиа-центр".

Общественно-политический еженедельник. Борисовские новости.

добавить на Яндекс
Наши партнеры
Наиболее читаемые
Опрос

Что вы ищите в Борисовских новостях в первую очередь

или

Сервер изображений бесплатный хостинг картинок изображений Храни фото здесь!
создать демотиватор
Словарь медицинских терминов Минералы для детей Максимально доходчиво - МедикалБЕСТ
присоединяйся! обзоры игр в твоем городе
Это очень интересно: новости российского интернета Регистрируйся!

Архив сайта.



Подписка
Письмо редактору

Отправляйте нам свои идеи, пожелания, комментарии!

Написать письмо вы можете здесь.

Развлечения
Проект Авто в Минске. Продать Ваше авто с нами - без проблем.