Дом, дзе разбіліся людскія надзеі
- Послать комментарий
- |
- Отправить ссылку другу
- Напечатать
- |
- Изменить шрифт:
- A+
- A-
Адмысловым рашэннем суда Барысаўскага раёна іх перасялілі з камфартабельных кватэр у інтэрнат. Быццам часова. Але адна сям'я – муж і жонка Гуткіны, якія выгадавалі траіх дзяцей, адмаўляюцца пакінуць сваё жыллё.
І хаця жыхары дома былі тут прапісаны і займалі кватэры на законных падставах, барысаўскія ды сталічныя чыноўнікі, ігнаруючы канстытуцыйныя прынцыпы гуманнасці, прымусілі іх пакінуць гэтыя сцены. І не на час рамонту, як таго патрабуе сітуацыя. А так бы мовіць – навечна.
Ці можа такое быць у гуманнай і дэмакратычнай краіне? Калі верыць афіцыйнай прапагандзе, беларускія ўлады на ўсіх вертыкальных паверхах толькі і думаюць пра тое, як аблегчыць жыццё сваім грамадзянам.
Сітуацыя прымушае задумацца
29 снежня 2009 года ў рэдакцыю «Барысаўскіх навінаў” прыйшоў ліст ад Валянціны Васільеўны Гуткінай, якая пражывае ў кватэры №4 памянёнага дома. Яна піша:
“Прашу дапамагчы разабрацца з гісторыяй наконт магчымага высялення маёй сям’і і сям’і суседзяў з кватэры №1 дома па вуліцы Л. Чалоўскай, 56 у больш горшае па камфорту жыллё. З гэтай нагоды ў нас з гарадскімі ўладамі і асобнымі рэспубліканскімі ведамствамі вось ужо некалькі гадоў ідзе перапіска і адбываюцца суды. Амаль усе яны скончыліся не на нашу карысць. Просім на старонках “БН” надрукаваць матэрыял наконт несправядлівых да нас адносінаў афіцыыйных асобаў, судоў і ведамстваў”, -- просіць жанчына.
Карацей, В.Гуткіна ставіць, па сутнасці, не столькі сацыяльное, колькі грамадска-палітычнае пытанне. Яно, між іншым, зараз набывае асаблівую актуальнасць. Мяркуйце самі. Гэтае ганьбішча з выдаўліваннем яе сям’і і суседзяў адбываецца напярэдадні выбараў у мясцовыя Саветы. Мяркуем, што скандал можа некаму адгукнуцца і ў наступным годзе, калі пройдуць прэзідэнцкія выбары. Будзе помніцца гэтая несправядлівасць і ў 2012-м падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.
У прыватнасці, не ўбачылі людскіх праблем барысаўскія народныя абраннікі. Скажам, старшыня Барысаўскага райсавета дэпутатаў Васіль Бараннік і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі. Апошні, як ваенны чалавек, павінен быў заўважыць, што ў адносінах да некаторых землякоў, якія многа год працавалі ў сістэме Мінабароны Беларусі, чыноўнікі чыняць відавочнае беззаконне. Пытанне напрошваецца даволі канкрэтнае: няўжо мясцовыя ўлады настолькі апусціліся, што самым нахабным чынам развязалі барацьбу з грамадзянамі за квадратныя метры жытла, дзе тыя пражылі каля двух дзесяцігоддзяў запар? Адказ адназначны: чыноўнікі, якія павінны ажыццяўляць дадзеныя ім зверху паўнамоцтвы, здзекваюцца над людзьмі.
Дзіву даешся, як у носьбітаў законапаслухмянства хапіла розуму і сэрца, каб адштурхнуць ад сябе землякоў, якія складаюць пэўную частку электарату і не маюць аніякіх адносін да апазіцыі або да палітычнай дзейнасці. Але тут можа адбыцца і такі малюнак: пакрыўджаныя жыхары, іх родныя-блізкія, а таксама сябры і проста знаёмыя адмовяцца прыняць удзел у выбарах.
Што ж гэта за гісторыя з домам, дзе творыцца столькі несправядлівасці? Людзей ледзь ці не выкідваюць з кватэр, каб перасяліць у інтэрнат. Хай сабе і добраўпарадкаваны, аднак з агульнай кухняй у канцы калідора. Быццам тэрмінам на пяць гадоў. Хаця інтэрнат – часовае жыллё.
Каб разабрацца з нюансамі гэтай справы, паспрабуем вывучыць асобныя акалічнасці.
Пісьмо да Лукашэнкі
“Звяртаемся да Вас за дапамогай і садзеяннем у вырашэнні пытання, якое на працягу васьмі год не вырашаецца ні на мясцовым, ні на ведамасным узроўні. Таму ўзнікла неабходнасць яго вырашэння на ўзроўні Прэзідэнта дзяржавы. Бо чыноўнікі Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь і мясцовая адміністрацыя самаўхіліліся ад вырашэння нашай праблемы, не прымаючы да ўвагі патрэбы людзей. Мы пачалі звяртацца ва ўсе існуючыя органы ўлады і кіравання: у Савет Міністраў, у Міністэрства ЖКГ, Сакратарыят Савета Рэспублікі, Канстытуцыйны суд, Мінскі аблвыканкам. Нашыя ж пісьмы нязменна “спускаюцца” ў тыя органы, дзеянні якіх мы якраз і абскарджваем. Гэта – прамое парушэнне Закона аб зваротах грамадзянаў.
... Сутнасць справы крыецца ў тым, што дом, дзе мы зараз жывём і якому ўсяго 17 год, уласнік – Мінабароны РБ -- хоча разабраць. А жыхарам замест пастаяннай прапіскі прапануецца перасяліцца на койка-месцы ў халасцяцкім інтэрнаце з прадастаўленнем узамен двух-трохпакаёвых добраўпарадкаваных кватэр з усімі зручнасцямі (50-65 м2) часовага жылля тэрмінам на 5 год. Плошча меншая: 6 м2 агульнай - 23,7 м2 жылой. І горшай якасці: з агульнымі кухнямі і душавымі.
Эпапея з высяленнем пачалася яшчэ ў 2000 годзе, пасля таго як жыхары запатрабавалі бягучы рамонт дома. На той момант дом знаходзіўся ў ведамстве бударганізацыі в/ч 41054, а затым ТАА “231 УНР”.
Зборна-шчытавых дамоў, падобных нашаму, у рэспубліцы вялікая колькасць, бо яны не патрабуюць вялікіх выдаткаў. Будуюцца за 3-4 месяцы з дапамогай аднаго аўтакрана і брыгады мантажнікаў. Будынак мае металічны каркас і, паводле праекту, манціруецца прама на бетонных плітах, якія, у сваю чаргу, кладуцца на ўтрамбаваны пясчаны грунт. Нягледзячы на гэтую нескладанасць, дом прадастаўляе людзям даволі камфортныя ўмовы для пражывання, бо мае гарачае і халоднае водазабеспячэнне, каналізацыю, цэнтральнае ацяпленне, тэлефонную лінію, раздзельныя санвузлы і асобныя кухні. Наш дом размешчаны ў маляўнічым месцы, побач магазіны, аўтобусны прыпынак, школа, дзіцячы сад. Зямля ў нашым раёне дарагая. Барысаўскае прадпрыемства “Землямер” ужо рабіла разметку ўчасткаў пад будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў на тэрыторыі зялёнай зоны паміж ваенкаматам і нашым домам. Зразумела, што ўмовы для будаўніцтва тут ідэальныя – падведзены ўсе камунікацыі. Наш дом гэтаму будаўніцтву перашкаджае, таму ў ягоным зносе зацікаўлены найперш выканкам, у Мінабароны таксама свае інтарэсы. Не жадаючы выдаткоўвацца на рамонт, дом хочуць разабраць і такім чынам пазбавіцца ад жыхароў. А дом можна потым сабраць у іншым месцы (да 10 разоў! ). Падобныя дамы-модулі былі разабраны у вайсковай частцы Мар’інай Горкі і перавезены ў Барысаў. Іх узвялі на новым месцы, абклалі цэглай (будынак паліклінікі ў вайсковым шпіталі ў мікрараёне Лядзішча, адміністрацыйны будынак ТАА “231 УНР” па вул. Л. Чалоўскай, 41А). Дасюль эксплуатуецца аналагічны нашаму будынак у мікрараёне Лядзішча, дзе размешчаны апорны пункт міліцыі і пакой майстроў ЖЭУ-3. Зараз такія дамы, як наш, будуюцца па ўсёй Беларусі, бо гэта бальш танны варыянт (у прыватнасці, у в. Александрыя Шклоўскага раёна Магілёскай вобласці).
Тэрмін эксплуатацыі збудаванняў гэтага тыпу да правядзення капрамонту не меней 30 гадоў.
У сістэме МА Беларусі мы адпрацавалі па 10-15 год, аддалі “абаронцы” лепшыя гады свайго жыцця, а сёння мы нікому не патрэбныя. Цяпер вось жорсткім чынам ад нас хочуць наогул пазбавіцца. Мы сваё права на нармальныя жыллёвыя ўмовы зарабілі сумленна, не парушаючы ні адзін артыкул жыллёвага кодэкса. Шмат каму з нас ужо каля 50-ці год, маем дарослых дзяцей і ўнукаў. Цяпер нас хочуць запіхнуць у інтэрнат на вул. Чалоўскай, 26 блочнага тыпу ў маленькія пакойчыкі, дзе няма ніякіх умоў для пастаяннага пражывання сем’яў. У блокі, прызначаныя для халасцякоў, заселены сем’і з дзецьмі. Парушаючы санітарныя правілы, адзінокія жывуць з сямейнымі на адным паверсе, а не ў асобных секцыях... Няма ў неабходнай колькасці электрапліт, мыек, душавых. Тры душавыя на чатыры паверхі (у інтэрнаце – 82 пакоі). Няма памяшканняў для мыцця бялізны. Пастаяльцы, каб неяк палепшыць жыллёвыя ўмовы, праводзяць самавольную перапланіроўку памяшканняў. Напрыклад, робяць праходы ў нясучых сценах, а гэта адмоўна адбіваецца на бяспецы пражывання. Адміністрацыя ДУ-1 мае намер нас перасяліць у інтэрнат, паводле дагавору аб найме тэрмінам на 5 гадоў. А пасля маячыць рэальная перспектыва застацца на вуліцы, бо сродкаў на будаўніцтва кааператываў нават з дзяржпадтрымкай ні ў кага няма…
У 2006 годзе быў сфабрыкаваны акт №13 аб прызнанні дома непрыгодным для пражывання, бо яго склалі не ўпаўнаважаныя на тое асобы.
У 2008 годзе на падставе справаздачы інстытута “Белбудпраект” г.Мінска зноў складаецца акт аб аварыйнасці дома па вул. Чалоўскай, 56. У справаздачы многа грубых парушэнняў і недакладнасцяў, таму ён не мае законнай сілы і не можа быць прыняты за аснову ў прызнанні збудавання не адпавядаючым санітарным і тэхнічным патрабаванням. У Барысаўскім гарнізоне велізарная колькасць бескватэрных афіцэраў, а ў нашым доме пустуе шмат добраўпарадкаваных кватэр. У горадзе маецца недахоп жылля для маладых спецыялістаў, а таксама для інвалідаў. Каму выгадна зносіць моцны яшчэ дом, калі ва ўмовах крызісу трэба разумна выдаткоўваць дзяржаўныя сродкі? Але нам не даюць жыць у доме, які яшчэ не “выстаяў” свой тэрмін, па той прычыне, што нехта не жадае выконваць ускладзеныя абавязкі па захаванасці жылля, якое знаходзіцца ў ведамстве. Паколькі добраахвотна высяляцца на тых умовах, якія нам прапаноўваюць у ДУ-1 КЭЧ, мы не згодныя, то справа перададзена ў суд, дзе зноў прызначана чарговая будаўніча-тэхнічная экспертыза . Уласнік будынка прадставіў у суд дакументы, паводле якіх наш дом – гэта ўжо інтэрнат-модуль.
Мы – законапаслухмяныя грамадзяне і добрасумленныя плацельшчыкі камунальных паслугаў. Пагаршаць нашы жыллёвыя ўмовы, мы лічым, няма ні падстаў, ні законнага права. Трэба паставіць заслон на шляху чыноўніцкага самавольства. У гэтым сэнсе мы бачым два выхады з сітуацыі: арганізаваць капрамонт дома або прадаставіць нам аналагічнае добраўпарадкаванае жыллё. Мы ўжо даўно страцілі сувязь з Мінабароны Беларусі, таму прадастаўленне нам з боку ўласніка для перасялення інтэрната з’яўляецца несправядлівай мерай, бо інтэрнат – часовае жыллё і яго прадастаўляюць супрацоўнікам на час працы ў той або іншай арганізацыі.
Наш дом працяглы час заставаўся фактычна безнаглядным, за 17 год у ім ні разу не праводзіўся нават касметычны рамонт, хаця плацім мы за яго значна болей, чым жыхары суседніх дамоў.
Жыллёвым заканадаўствам прадугледжана адказнасць за безгаспадарчае ўтрыманне жытла, што прыводзіць да яго заўчаснага псавання. Але свае абавязкі па захаванні жылога дома ўласнік проста ігнаруе.
Просім правесці падрабязную праверку ўсіх акалічнасцяў, якія маюць адносіны да гэтай справы. Прыкладваем адпаведныя дакументы”.
Што ж сабой уяўляюць гэтыя дакументы? Якія змены яны пацярпелі потым па віне афіцыйных органаў, каб дазволіць ледзь ці не гвалтам выселіць людзей з іх дому? Пра гэта мы раскажам у наступны раз.
Нагадаем, што ў свой час за жыхароў гэтага дома заступалася «Комсомольская правда» в Белоруссии». Але воз і зараз там…




