Kампраміснае рашэнне
- Послать комментарий
- |
- Отправить ссылку другу
- Напечатать
- |
- Изменить шрифт:
- A+
- A-
Журналісты “Барысаўскіх навінаў” працягваюць назіраць за ходам судовага працэсу, дзе адказчыкам з’яўляецца ўжо вядомы чытачам пенсіянер Анатоль Вярыга.
Нагадаем, што кіраўніцтва УП “Жыллё” імкнецца выселіць яго з добраўпарадкаванай аднапакаёўкі, якая знаходзіцца на вуліцы Працы, 32. Кіраўніцтва мясцовых камунальшчыкаў планавала адсяліць Вярыгу і справадзіць яго ў інтэрнат на вуліцы Пралетарскай, 14. Аднак састарэлы чалавек адмовіўся пагаршаць свае жыллёвыя ўмовы.
Акрамя таго, прадстаўнік УП “Жыллё” Н.Семяннік прасіла суд скасаваць дамову найму жылога памяшкання, дзе пражывае Анатоль Вярыга, як аб`екта сацыяльнага карыстання. Наталля Семяннік спасылалася на тую акалічнасць, што рашэннем Барысаўскага райвыканкама ад 13 лістапада 2009 года кватэра Вярыгу была прадастаўлена з парушэннем жыллёвага заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Таму на пачатку судовага пасяджэння прадстаўнік істца наогул патрабаваў выселіць пенсіянера без прадастаўлення яму якога-небудзь жытла. Але потым у гэтай частцы іска змяніў патрабаванні на перасяленне ў інтэрнат.
І вось на днях Барысаўскі суд пад старшынствам суддзі А.Выдрынай пры сакратару Ю.Солапавай з удзелам адказчыка А.Вярыгі і прадстаўніка істца Н.Семяннік агучыў сваё рашэнне: адмовіць УП “Жыллё” ў частцы іску адносна перасялення А.Вярыгі ў інтэрнат. У той жа самы час суд прызнаў дагавор найму кватэры №1 па вуліцы Працы, які заключаны з А.Вярыгам, несапраўдным. Акрамя таго, з пенсіянера на карысць УП “Жыллё” суддзя сваім рашэннем спагнала ў якасці пакрыцця выдаткаў па аплаце дзяржпошліны ў памеры 105 тысяч рублёў. Гэта рашэнне, гаворыцца ў выраку, можа быць абскарджана ці апратэставана пракурорам у дзесяцідзённы тэрмін у Мінскім абласным судзе праз суд Барысаўскага раёна.
Такім чынам, нягледзячы на пэўныя грашовыя страты, якія адказчык можа абскардзіць, А.Вярыга застаецца жыць у сваёй кватэры. У такім выпадку дамова з ім на далейшую эксплуатацыю сацыяльнага жылля, хутчэй за ўсё, можа быць перааформлена. Але ў тым выпадку, калі дырэкцыя УП “Жыллё” або пракурор пагадзяцца з рашэннем суда.
Аддзел інфармацыі “БН”, фота М.Лабжанца





