Адзін на адзін са старасцю
- Послать комментарий
- |
- Отправить ссылку другу
- Напечатать
- |
- Изменить шрифт:
- A+
- A-
Яна прасіла журналістаў прыехаць і зірнуць на яе незайздроснае жыццё-быццё. Ёй, інваліду другой групы па агульнаму захворванню, не проста сёння дажываць старасць. Дом прыходзіць у непрыгоднасць, там-сям працякае дах і столь. Пенсія невялікая. Дроў не хапае, таму гаспадыня топіць грубу толькі ў той палове хаты, дзе спіць. І наогул састарэламу, хвораму чалавеку даводзіцца нялёгка. Дачка з малым дзіцём жыве ў суседнім Жодзіне ў маленькай кватэрцы. і маці забраць да сябе не можа, паколькі сама ледзь-ледзь канцы з канцамі зводзіць. А хворай бабульцы патрэбен пастаянны дагляд.
Калі прадстаўнік «Барысаўскіх навінаў» зазірнуў у гэты дом, у яго адбылася такая гаворка з гаспадыняй.
— Што Вы, Вікторыя Іосіфаўна, можаце дадаць да таго, пра што расказалі нам па тэлефоне? На чым хацелі б засяродзіць увагу?
— Некалькі разоў я прасіла дапамогі, каб падрамантаваць дах дома. З гэтай нагоды, як ветэран завода “Аўтагідраўзмацняльнік”, звярталася да кіраўніцтва роднага прадпрыемства. Усё-такі рабіла там амаль паўтары дзесятка гадоў, спадзявалася, што дапамогуць у маіх клопатах. Але ў адказ чую: у завода няма гэткай магчымасці. Кажуць, у вас ёсць дачка і няхай яна дапаможа. Дык што, мая дачка спадніцай дзіркі закрые на тым даху? – абуралася Вікторыя Іосіфаўна.
І паказала стос пісьмаў – перапіску з рознымі чыноўнікамі. У тым ліку адказы на звароты. Дарэчы, адзін з іх, за подпісам намесніка кіраўніка завода па ідэалагічнай працы Е.Карашкова, пазначаны 25 верасня 2008 года.
Цытую на мове арыгіналу:
«Уважаемая Виктория Иосифовна! На Ваше письмо с просьбой об оказании Вам помощи в предоставлении Вам места для проживания в заводском общежитии и ремонте Вашего дома отвечаем следующее. Ваш вопрос рассмотрен руководством завода и советом ветеранов предприятия. В соответствии с действующим жилищным законодательством Вы являетесь владельцем жилого помещения, поэтому предоставить Вам место для проживания в общежитии завода не представляется возможным. Одновременно информируем Вас, что с целью создания более комфортных условий для проживания по настоящему месту жительства в зимний период Вам в течение октября 2008 года будут доставлены дрова для отопления Вашего дома. Помощь в хозяйственных делах и ремонте будет оказываться Вам по согласованию с Вами и с учетом возможности предприятия».
Паводле слоў Вікторыі Іосіфаўны, яе працоўнае жыццё прайшло ў асноўным падчас савецкай улады, ніколі нават не магла ўявіць вось гэткую старасць. Што, у прыватнасці, ёй давядзецца стаяць з працягнутай рукой перад родным заводам, калектывам і прасіць аб дапамозе.
Але ж і барысаўскія прадпрыемствы перажываюць сёння крызіс. Рабочаму чалавеку зарабіць грошы, каб утрымліваць сваю сям'ю, таксама цяжкавата. Мусіць, не густа і ў прафсаюзнай казне... Таму жанчыне-інваліду нічога не застаецца, як спадзявацца на тое, што ў эканоміцы нашай краіны адбудуцца нейкія кардынальныя перамены. Тады хворай бабулі хопіць пенсіі на больш або менш сціплае матэрыяльнае існаванне, рамонт даху і дровы, каб забяспечыць сябе без усялякіх прыніжэнняў перад роднымі-блізкімі людзьмі або былым працоўным калектывам.
Дарэчы, я агледзеў дом састарэлай жанчыны, у якім ацяпляліся толькі два пакойчыкі. Між іншым, тут у асноўным і знаходзіцца днямі бабуля адзін на адзін са сваімі горкімі думкамі і тэлевізарам. Гасціная, кухня і прыхожая застаюцца без ацяплення. Пячная труба над дахам развалілася і зрабілася небяспечнай у супрацьпажарным сэнсе...
Ад гэтага на душы становіцца горка і сумна. А колькі састарэлых ды хворых грамадзянаў сёння перажываюць так званы рынкавы сацыялізм на Беларусі?!
Васіль БЯРЭЗІНСКІ, фота аўтара





