Дыялог Hякляева з барысаўцамі адбыўся
- Послать комментарий
- |
- Отправить ссылку другу
- Напечатать
- |
- Изменить шрифт:
- A+
- A-
Пра яго сустрэчы з жыхарамі прыватнага сектара Дымкі ў Барысаве, які амаль штогод церпіць беды ад паводак і праліўных дажджоў, наша газета паведамляла на сваіх старонках у мінулым месяцы.
Нагадаем, што паводле дамоўленасці «прамая лінія» павінна была адбыцца з 16 да 17 гадзінаў. Але нечакана тэлефон 73-96-40 перастаў працаваць, і дыялог спадара Някляева з чытачамі газеты ў пазначаны час мог быць сарваны. Таму рэдакцыі газеты давялося спешна шукаць нейкае выйсце, каб правесці запланаванае мерапрыемства. Барысаўцы, нам здаецца, разумеюць, адкуль тут дзьме вецер.
Тым не менш «прамая лінія» працавала па запасному тэлефону. А яшчэ ў рэдакцыю прыйшлі тры барысаўчанкі, якія правялі са сталічным госцем жывую размову. Такім чынам, тыя, каму вельмі карцела сарваць дыялог, пралічыліся. Наадварот, яны прыцягнулі дадатковую ўвагу да грамадскага дзеяча і сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Уладзіміра Някляева.
А цяпер пра тое, аб чым ішла гаворка.
— Спадар Уладзімір, дзе на Беларусі найбольш актыўна была падтрымана грамадская ініцыятыва «Гавары праўду!»?
— Як ні дзіўна, у Магілёўскай вобласці. Мяркуйце самі, Магілёўшчына – гэта малая радзіма кіраўніка нашай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Тут заўжды традыцыйна людзі падтрымлівалі Аляксандра Рыгоравіча ды з недаверам адносіліся да яго апанентаў.
— Але, мусіць, сённяшняя эканамічная сітуацыя ў нашай краіне зачапіла і магілёўцаў?
— Мусіць, так. Жыхары Магілёўшчыны вельмі ўважліва выслухоўвалі нас. Самі распавядалі пра набалелае. А яшчэ цікавіліся агульнай сітуацыяй у нашай краіне. Натуральна, мы ж гаворым людзям горкую праўду...
Алег МАЦКЕВІЧ, жыхар Барысава:
— Уладзімір Пракопавіч, раскажыце, як рэагавалі людзі, калі вы прыехалі ў лютым у Маладзёжны завулак у Барысаве?
— Нармальна рэагавалі, адпаведна становішчу, у якім яны апынуліся. Туды ўжо завезены металічныя трубы, каб штосьці зрабіць у плане меліярацыі гэтай тэрыторыі горада. Але ж і нервовасць жыхароў Дымак можна зразумець. Сёння існуе пагроза вялікага падтаплення дамоў і прысядзібных участкаў вясновымі паводкамі ды дажджамі. Жытло людское псуецца, і агароды не даюць ураджаю. Пасаджанае мокне ды выгнівае. Карацей, тутэйшыя насельнікі застаюца без падмогі ў асабістай эканоміцы, якую ім дае зямля. Ні даць ні ўзяць – людзі жывуць на балоце, як пра гэта піша Іван Мележ, светлая яму памяць. Што ў такім разе застаецца рабіць вашым землякам? Становішча ў іх адчайнае, а дзейсныя меры чыноўнікі толькі абяцаюць прыняць. Я не здзіўлюся, калі дымкаўцы пойдуць на нейкія экстраардынарныя меры, як гэта было некалькі год таму. Тады барысаўцы выйшлі на чыгуначныя рэйкі…
— Магчыма, мясцовыя ўлады маюць іншыя, больш важкія праблемы, чым, скажам, насельнікі нейкіх там вуліц і завулкаў?
— І не кажыце. Мы чуем ад уладных структур, што становішча ў краіне змяняецца кардынальна ў лепшы бок літаральна кожны дзень у адносінах да чалавека. А што атрымліваецца на самой справе? Актыўных людзей звальняюць з працы, моладзь за іншадумства выганяюць з вышэйшых навучальных установаў.
І пакуль падобныя адносіны да асобы будуць пераважаць, ніякіх зменаў у грамадстве мы не дачакаемся. Вось чаму мы і распачалі сваю кампанію «Гавары праўду!». Яна найперш скіравана на змяненне адносін дзяржавы да чалавека. Насамрэч, ён, чалавек, — адзіная каштоўнасць у гэтым свеце...
— Тэму неабходнасці змянення адносін дзяржавы да канкрэтнага чалавека вы закраналі падчас лютаўскай сустрэчы з барысаўцамі...
— Безумоўна. І гэта не выпадкова. Наша кампанія не вырасла на голым месцы, паводле прымхаў нейкай купкі людзей. Мы апошнім часам працуем з канкрэтнымі грамадзянамі, якія жывуць у канкрэтных сацыяльных і духоўных умовах. Хаця мне асабіста цяжка гэта рабіць. Самі бачыце: спроба сарваць сённяшнюю «прамую лінію» паказвае, што я не паўсюдна жаданы госць. Кажуць, ужо народжаны нейкі дакумент, які прылічвае наш Саюз беларускіх пісьменнікаў да дэструктыўных арганізацый. Сяброўства ў гэтым саюзе, напрыклад, не дае нам права ні працаваць у дзяржаўных установах, ні сустракацца з людзьмі ў такіх установах. У тым ліку і ў школах з дзецьмі. Мяне, напрыклад, не пусцілі ў адну з барысаўскіх школ. Хаця з кіраўніцтвам была дамоўленасць наконт сустрэчы.
Ігар ЛЕДНІК, праваабаронца:
— Як вы адносіцеся да існуючай апазіцыі?
— Хачу зазначыць, што ў апошнія гады ўладам удалося часткова дыскрэдытаваць апазіцыю. Гэта адна з прычынаў таго, што людзі, на мой погляд, нічога не жадаюць чуць пра апазіцыю як палітычную сілу.
Але мы, удзельнікі кампаніі «Гавары праўду!», сябе з апазіцыяй не атаясамліваем. Амаль кожны з нас найперш аддадзены сваёй прафесіі – вядомыя артысты, мастакі, журналісты, пісьменнікі, вучоныя, юрысты і гэтак далей. Мы не рвёмся да ўлады і такой мэты перад сабой не ставім. Мы проста адарваліся ад сваіх спраў і пайшлі да людзей, каб сказаць ім праўду пра сённяшнія рэаліі розных бакоў беларускага жыцця. І сацыяльнага, і духоўнага. А таксама спрабуем выслухаць ад насельніцтва горкую праўду. І пра тое, што робіцца ў школах, дзе вучацца дзеці, і пра тое, што на нейкіх заводах і фабрыках істотна зменшыліся заробкі, і пра тое, што ў крамах выраслі цэны на тавары першай неабходнасці ды павялічыліся камунальныя плацяжы, а пенсіі становяцца «смешнымі»...
Няхай людзі распавядаюць пра сваю праўду, няхай вучацца адзін аднаму яе гаварыць у вочы, друкаваць нататкі ў незалежных СМІ, адначасова пераадольваючы адвечны беларускі страх перад начальствам і залішнюю сарамяжлівасць. Калі людзі перастануць баяцца гаварыць услых праўду, яны аднойчы ўбачаць, што гэта не так ужо і страшна. Яны пачнуць паважаць саміх сябе. Што тычыцца канкрэтных апазіцыянераў, якіх я ведаю, дык сярод іх нямала творчых людзей. Многія з іх дасягнулі сапраўдных вышыняў у сваёй прафесійнай дзейнасці.
— Пасля вашага візіту ў Барысаў папаўзлі чуткі пра тое, што нібыта вы маеце намер балаціравацца ў прэзідэнты. Вы можаце гэтыя чуткі пацвердзіць?
— Чуткі чуткамі і застаюцца. Заяўляю афіцыйна, што балаціравацца на гэту пасаду я не збіраюся. Мяне поўнасцю задавальняе грамадская праца, якую вяду. Я – пісьменнік і павінен пісаць кніжкі, сустракацца з чытачамі, каб ведаць, чым і як жыве народ, а яшчэ несці да людзей беларускае слова.
Леанід, барысаўчанін:
— Якой вам, Уладзімір Пракопавіч, бачыцца электаральная база беларускай апазіцыі?
— Калі мне даводзіцца знаёміцца з працамі сацыёлагаў, калі абагульняць першыя нашы сустрэчы з насельніцтвам у рамках кампаніі «Гавары праўду!», я бачу, што ў нас самая шматлюдная, так бы мовіць, электаральная «сярэдзіна». Між іншым, яе колькасць даходзіць да 70 адсоткаў.
Астатнія 15 адсоткаў перакананы ў праваце апазіцыі, столькі ж народу знаходзіцца на пазіцыях Аляксандра Лукашэнкі. Дык вось, рэальная змена сітуацыі ў краіне як раз залежыць ад «сярэдзіны». І калі ў гэтых людзей узнікне жаданне нешта змяніць у краіне, дык можна быць упэўненым, што перамены адбудуцца. Таму апазіцыі, паводле маёй думкі, з такой электаральнай раскладкі неабходна рабіць слушныя высновы.
— Ці ёсць захады з боку ўладаў, каб перашкаджаць у правядзенні вашай кампаніі?
— Самі бачыце, што сённяшняю размову з чытачамі незалежнай газеты хацелі сарваць. Аднак работнікі рэдакцыі малайцы, праявілі вытрымку і цярплівасць. І нарэшце людзі пачалі тэлефанаваць.
Яшчэ адзін брутальны выпадак адбыўся ў сталіцы, калі былі затрыманы распаўсюджвальнікі паштовак «Гавары праўду!» і канфіскавана 9 тысяч паасобнікаў. І гэткае ўчыніла міліцыя, якая ведае законы, ведае пра тое, што дзяржава гарантуе свабодны распаўсюд інфармацыі.
Удзельнікі нашай кампаніі не хаваюцца ні ад каго. Я, напрыклад, не мяняю ўласны нумар тэлефона і паштовы адрас. Я з'яўляюся грамадзянінам сваёй краіны і не займаюся шпіянажам на карысць нейкай іншай дзяржавы. Чаго мне баяцца наогул? Я займаюся тым, чым павінен займацца менавіта патрыёт Беларусі – змагацца за лепшае жыццё ў краіне. Можа, маё разуменне лепшага жыцця і разыходзіцца з афіцыйным «клішэ» на гэты конт, але ніхто мне не павінен перашкаджаць адстойваць права на падобнае змаганне, якое я вяду з дапамогай слова, а не зброі.
— Каб выпусціць мноства паштовак на тэму «Гавары праўду!», патрэбны немалыя сродкі. Адкуль яны ў вас?
— У мяне асабіста гэткіх сродкаў няма. У дзяржаўных выдавецтвах мае творы даўно не выдаюць і ганарараў не плацяць, таму кніжкі даводзіцца выдаваць на ўласныя сродкі. І самому распаўсюджваць кожны паасобнік. А сродкі даюць людзі, якія добра стаяць на нагах і якія жадаюць пэўных пераменаў у нашым грамадстве.
Аляксандр, жыхар гістарычнай часткі Барысава:
— Паўгода не працуе гастраном насупраць Старабарысаўскага рынка. У выніку мясцовыя жыхары змушаны хадзіць або ездзіць за харчамі ў аддаленыя гандлёвыя кропкі. Просім пахадайнічаць за нас перад тутэйшым начальствам.
— Абавязкова будзем хадайнічаць. Але найперш пра гэта раскажу журналістам «Барысаўскіх навінаў». Мяркую, што добрая нататка на гэты конт справе не пашкодзіць.
Тамара КАВАЖЭНКА, жыхарка Дымак:
— Паважаны Уладзімір Пракопавіч, пасля вашага прыезду да нас у мінулым месяцы пачаліся пэўныя змены на Маладзёжных ды Радужных вуліцах і завулках. У прыватнасці, грузавыя машыны вывозяць снег. Мы, натуральна, кантралюем справу. А каб такі кантроль быў больш дзейсны, я параілася з суседзямі ды вырашыла балаціравацца ў дэпутаты райсавета. Ці не дадзіце вы згоду стаць маёй даверанай асобай на выбарах?
— З вялікай радасцю, спадарыня Тамара. Потым абмяркуем дэталі.
— Вялікі дзякуй, Уладзімір Пракопавіч!
Аддзел інфармацыі «БН»





