Таленты і прыхільнікі
- Послать комментарий
- |
- Отправить ссылку другу
- Напечатать
- |
- Изменить шрифт:
- A+
- A-
Сёння традыцыйна ў шматлікіх краінах свету з выпадку Сусветнага дня паэзіі праходзяць літаратурныя вечары, фэсты, прэзентацыі новых кніг, уручаюцца літаратурныя прэміі і г.д. Дзень паэзіі заклікае садзейнічаць развіццю паэзіі, вяртанню да традыцыі паэтычных чытанняў, выкладанню паэзіі, аднаўленню дыялога паміж паэзіяй і іншымі відамі мастацтва (тэатрам, танцамі, музыкай, жывапісам), а таксама заахвочванню выдавецкай справы і стварэнню ў СМІ пазітыўнай выявы паэзіі як сапраўды сучаснага віду мастацтва, адкрытага людзям.
Не стаў выключэннем і правінцыяльны Барысаў, праўда, тут свята ямбаў і харэяў прайшло даволі сціпла. У малую залу Палаца культуры імя Горкага памкнуліся хай і нешматлікія, затое шчырыя прыхільнікі выразнікаў грамадскіх думак і людскіх спадзяванняў, сапраўдныя аматары вытанчаных радкоў і арыгінальных рыфмаў.
Адкрываючы святочнае мерапрыемства — своеасаблівую творчую справаздачу мясцовых паэтаў, намеснік старшыні Барысаўскага раённага літаб'яднання «Натхненне» Валянціна Леві расказала пра сутнасць гэтага свята і стаўленне да яго розных пластоў насельніцтва, пра тое, як адклікаліся на паэтычнае слова вядомыя пісьменнікі, навукоўцы і нават школьнікі, удзельнікі тэлеперадачы «Разумнікі і разумніцы».
— Вядома, было б зусім тужліва, калі б нас не падтрымлівалі людзі, якія любяць паэзію, сапраўдныя падзвіжнікі ў асветніцкай справе. Па ініцыятыве савета ветэранаў вайны, працы і ўзброеных сіл мы 2-3 разы ў тыдзень праводзім урокі жывой гісторыі ў школах Барысаўшчыны. І гэта гонар для нас, што нейкую частку асветніцкай, выхаваўчай работы з падрастаючым пакаленнем праводзяць нашы літаратары, — сказала В.Леві.
Далей яна распавяла пра літаб'яднанне «Натхненне», куды зараз уваходзіць каля 30 чалавек. У складзе гэтага вядомага ў рэгіёне калектыву ёсць і члены розных пісьменніцкіх саюзаў Беларусі, а таксама народнага клуба самадзейных кампазітараў і паэтаў «Жывіца» Мінскага аблцэнтра народнай творчасці. Некаторыя з іх маюць на сваім рахунку аўтарскія кніжкі, іншыя публікавалі творы ў калектыўных зборніках і перыядычных выданнях. Летась да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў быў выдадзены калектыўны зборнік вершаў «Званы памяці», а зараз плануецца падрыхтаваць і выдаць кнігу сатыры і гумару «З усмешкай і ўсур'ёз».
Акрамя творчых шуканняў і шліфоўкі індывідуальнага майстэрства, члены літаб'яднання жывуць і грамадскім жыццём — прымаюць актыўны ўдзел у розных сустрэчах і ўроках на прадпрыемствах, у арганізацыях і школах, дзе чытаюць вершы, выконваюць песні.
Толькі за мінулы год такіх мерапрыемстваў было 59. Адзін з урокаў, які прайшоў у гімназіях №1 і №2, СШ №№ 2, 13, 20, 22, насіў назву «Паэты Барысаўшчыны пра вайну». Школьнікам расказвалі пра крывавыя жахі вайны, пра савецкіх байцоў, загінуўшых у агні бітваў, пра непахісную мужнасць нашага народа ў гады ліхалецця.
За гэта яны заслужылі прызнанне Барысаўскай раённай ветэранскай арганізацыі, ад імя якой да «натхненцаў» звярнулася член прэзідыума райсавета ветэранаў Ларыса Белая. Яна зачытала і ўручыла кіраўніку барысаўскіх літаратараў Наталлі Гладышавай вітальны адрас, падпісаны старшынёй Барысаўскай раённай ветэранскай арганізацыі Зояй Маханёк.
Пасля афіцыйнай часткі публіка пачула тое, дзеля чаго і прыйшла на гэты паэтычны канцэрт. Чыталі вершы і спявалі песні члены літаб'яднання «Натхненне»: Валянціна Леві, Наталля Гладышава, Людміла Малчанская, Раіса Зарэмба, Раман Рубінчык, Лёля Багдановіч, Валянціна Анкудзінава, Уладзімір Гольдзін, Раіса Гузеева, Міхась Разумейка, Алена Дзегцярова, Аляксандр Ляўша, Ганна Ветрава, Уладзімір Дзямідаў, Валянціна Чычылава, Вадзім Барысаў, Юргіта Пузанайтэ, Уладзімір Рудзік, Людміла Валасевіч, Генрыета Сяргеенкава, Міхась Градовіч, Соф'я Дзенісюк, Анатоль Мазгоў, Ала Лапошыч, Мікалай Фустачэнка. Выступу кожнага паэта папярэднічала невялікае чатырохрадкоўе, якое адлюстроўвае найболей характэрныя рысы таленту дадзенага аўтара.
Акрамя мясцовых літаратараў, свае таленты на сцэне дэманстравалі запрошаныя госці – актрыса і салістка ветэранскага хору Лідзія Аксенкруг і кампазітар і выканаўца Алег Жук (творчы псеўданім Радмір Веліч).
— Паэзія ніколі не памрэ, яна жыла, жыве і будзе жыць! Наступіць час, калі на выступленні паэтаў будуць збірацца цэлыя стадыёны, — выказала надзею Валянціна Леві, і зал удзячнымі апладысментамі падтрымаў яе думку. Ахвотнікі маглі набыць кнігу «Званы памяцi» з аўтографамі паэтаў, а таксама сфатаграфавацца з імі на памяць.
Анатоль МАЗГОЎ, фота аўтара





