№13 от 31.03.10

borisovnews.by

Сколько стоит бензин в Белоруссии
Наша жизнь
1 апреля 2010

Людзі жывуць на вадзе, як бабры…

Image 520
Падчас наведвання так званага мікрараёна “торфбалота” ў Барысаве было складана знайсці дом, які б не пацярпеў ад веснавых паводак

Натуральна, апытаныя грамадзяне мелі пэўныя прэтэнзіі да мясцовых гаспадарчых ды страхавых структур і арганізацый. Многія казалі, што не будуць удзельнічаць у галасаванні падчас выбараў у мясцовы райсавет. Паколькі дзеючы ад Максімаўкі дэпутат не рупіцца наконт таго, каб пазбавіць мікрараён ад падтапленняў. Паводкі, дарэчы, пяць год запар шкодзяць максімаўцам, а дэпутат нібы не бачыць гэтай бяды сваіх выбаршчыкаў. Такім чынам, звычайная бытавая праблема гарадскога жыцця пакрысе плаўна пераўтвараецца ў праблему палітычнага кшталту мясцовага маштабу. Вось што з гэтай нагоды расказваюць жыхары “торфбалота”.

Сяргей Рубан, вуліца Калектыўная, 17:

— Жыву на балоце трыццаць га­д­оў. Апошнія пяць мой дом і прысядзібны ўчастак падтапліваецца падчас вясновых паводак і ў праліўныя дажджы. Звяртаўся ў райвыканкам праз газету “Товарищ”: прасіў прачысціць меліярацыйныя каналы, падсыпаць дарогі, пакласці тратуары ды ўкруціць лямпачкі ў вулічныя ліхтары. З гэтай нагоды сабраў 60 подпісаў людзей пад адпаведным зваротам, які пайшоў да былога цяпер ужо старшыні райвыканкама Васіля Дылюка. Аднак улады нічога не зрабілі. Асабіста мне і маёй сям’і сёлетнія паводкі нарабілі нямала бяды. На панадворку – вада, пад домам – вада, на агародзе – вада. А ў мяне аранжарэя, дзе вырошчваю кветкі. Дом у свой час збудаваў высокі, таму ў пакоях вады няма. Але прысядзібныя і гаспадарчыя пабудовы – залітыя. Прайсці туды не магу. Трэба абуваць боты. На вуліцы XXI стагоддзе, а мы шуруем па двары ў гумовіках. Пасёлак пераўтварыўся ў балота, бо мясцовым уладам усё роўна. Наша становішча, як я пераканаўся, закансервавана на доўгія гады.

Лідзія Кавалёва, вуліца Калектыўная, 12:

— Я ветэран працы, на пенсіі. Для мяне, сціплага ветэрана працы, 5 сотак прысядзібнага ўчастка — добрая падтрымка ў штодзённым жыцці. Але, як бачыце, агарод затоплены. Што на ім родзіць? Толькі чорная парэчка. А морквіна ды бульбіна – з гулькін нос. Дзе яшчэ вада? Ды ўсюду. У падполлі і на падлозе, у кацельні і іншых гаспадарчых пабудовах. Дарэчы, на агародзе пракапаў равок. Аднак праз яго вада не зыходзіць у меліяратыўны канал. Хлеўчык, лічы, згніў. А самае галоўнае, што жылы будынак, які некалі быў пастаўлены на высачэзны падмурак, апошнія чатыры-пяць год апускаецца ў зямлю. Зараз дом узвышаецца над зямлёю на 20-25 сантыметраў. А што тычыцца Дзяржстраху, дык вырваць грошы на пакрыццё шкоды вельмі складана і цяжка. Куды я звярталася? У прыёмную райвыканкама, УП “Жыллё”. Прадстаўнікі ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях прыязджалі да нас, зірнулі на ўсё і сказалі, што трэба адпампоўванне вады ажыццяўляць. Затым я звярнулася ў МЖКГ Беларусі. Адтуль мяне адфутболілі ў прыёмную Барысаўскага райвыканкама. Спрабавала адшукаць па тэлефоне нашу райдэпутатку Белікаву, але мне сказалі, што яна некуды сышла…

Аднойчы тэлефанавала ў Мінск ды Барысаў гадзіны чатыры запар. Толькі пад вечар пад’ехалі да сядзібы дзве спецыяльныя аўтамашыны, якія пачалі адпампоўваць ваду. Але каэфіцыент карыснага дзеяння ад гэтага быў малы. Спецыялісты ваду адпампоўваюць з агарода, а яна ідзе з прыдарожнай меліяратыўнай канавы. Цікава, што павінна быць усё наадварот: менавіта туды вада з агародаў ды селішч павінна сыходзіць.

Тут жыву 27 год. Калі пасялілася, гэткага становішча не было. Заўсёды вада сыходзіла ў каналы. А калі іх перасталі ачышчаць і даглядаць, яны зараслі, і ў тутэйшых жыхароў узніклі праблемы. У выніку морква і бульба не растуць. Ураджай прысядзібны можа быць толькі ў адносна сухі год.

Ларыса Сацук, вуліца Камунальная, 28:

— Мой дом і агарод таксама залівае. Што пасею – вымакае і гніе. Магчыма, калі б такое было ў Кітаі, дык можна было б вырошчваць рыс. Бульбу, буракі ды моркву на зіму даводзіцца купляць. Такі малюнак гады чатыры назіраецца – талая вада залівае, дажджы заліваюць. Сцёку няма. Канава меліяратыўная зарасла, а яшчэ забіта смеццем. Прыязджалі спецыялісты мясцовага ведамства МНЗ і адпампоўвалі ваду цэлы дзень. Спрабавала атрымаць за нанесеную шкоду страхоўку. З’ездзіла ў аддзяленне Дзяржстраху. Там мне нейкі мужчына сказаў, што праз тыдзень да мяне прышлюць камісію, каб ва ўсім пераканацца і прыняць пэўнае рашэнне. Праз тыдзень мне тэлефануюць: маўляў, будзьце дома. Я кажу: мне трэба дамаўляцца на працы, каб адпусцілі вырашаць свае справы. А дзяржстрахаўцы адказваюць, што не могуць падладзіцца пад мой графік. Праз два дні пасля гэтай размовы прыходжу дамоў з працы, а ў дзвярах паперка тырчыць. Чытаю: мы да вас прыязджалі, аднак не засталі на месцы. Такім чынам, я зразумела, што мая дабраахвотная страхоўка прапала і трэба страхавацца занава. У мяне няма нават страхавых дакументаў – работнікі Дзяржстраху ўсё забралі, падшылі да маёй заявы...

Сяргей Мядзель, вуліца Паралельная, 6:

— Адкуль вада на маім двары? А куды ёй дзявацца? Меліяратыўны канал не чысціцца, і сцёку вады няма. Людзі самі прабіваюць ламамі лёд, каб вада сцякала. Але падземныя і талыя воды падымаюцца…

Самі бачыце, на маім двары ўтва­ры­лася суцэльная сажалка. Тое ж самае і ў суседзяў. Ваду адпампоўваюць барысаўскія ратавальнікі ды прадстаўнікі УП “Жыллё”. А толку ўсё роўна няма.

Маргарыта Сафонава і Таццяна Панцюхова, жыхары вуліцы Прыгараднай:

— Малым дзеткам патрэбна свежае паветра. Але з-за паводкі пагуляць на вуліцы сёння, як і раней, не ўдаецца. Наўкола калюжыны – малых пастаянна трэба браць на рукі і пераносіць на сухія мясціны. Звярніце ўвагу, калі ласка, на тое, што ў нас няма аніводнай сухой вуліцы. Ходзім па калена ў брудзе. На ўсю Максімаўку заасфальтавана толькі Акружная вуліца. Жывём, як бабры, на вадзе ўжо гадоў пяць. Мусіць, пра нас мясцовыя ўлады забыліся...

Таццяна Жук, вуліца Рабочая, 11:

— У маёй хаце затоплена ўсё. Вада на двары і ў падполлі. Гараж затоплены. Нават у кацельні вада. Каторы год церпім здзек, але ніхто ўвагі не звяртае. Я свой дом застрахавала, аднак у мінулым годзе нам нічога ніхто не выплаціў. Відаць, і сёлета не выплацяць страхавыя сумы. Праўда, неяк раней з нас здымалі нейкі падатак. І ўсё... На агародзе, што пасеем, усё згнівае. Раней я са сваіх васьмі сотак атрымлівала шмат гародніны. Цяпер можна нешта вырошчваць толькі ў парніках, якія ў мяне захаваліся... А бульбу купляем. На прысядзібным участку яна не расце. Вымакае і гніе. Чаму на нашай вуліцы такая сітуацыя? Думаю, у свой час яе падсыпалі, і паводкі хлынулі на нашы сядзібы. Складваецца ўражанне, што мы са сваёю бядою гарадскім уладам не патрэбны. Па нашай вуліцы наогул не прайсці. Самі бачыце, якая дарога. Няўжо нельга гравій падсыпаць і пакласці асфальт? Праўда, іншы раз вінаваты і тутэйшыя жыхары. Разумення сітуацыі малавата, выкідваюць смецце ў меліяратыўныя канавы...

Мікалай Алюцёнак, вуліца Рабочая, 47:

— Калі зімой выпадае шмат снегу, дык вясной абавязкова адбываюцца паводкі. А сёлета тым больш. У маім доме таксама стаіць вада ў падполлі і на прысядзібным участку. Памяшканне, дзе ацяпляльны кацёл, таксама падтапіла. На нашай вуліцы, мусіць, няма аніводнага дома, дзе людзі не цярпелі б бедства. І такая сітуацыя ва ўсім пасёлку…

Людміла Корань, завулак Загарадны, 8:

— У маёй бабулі, ёй 86 год, вада ў хаце ў завулку Сонечным, 1. А там, дзе я жыву, затоплены двор. Сёння тэлефанавала камунальшчыкам УП “Жыллё”, каб адпампавалі ваду з дома бабулі. Рэчы ўсе вынеслі на вуліцу, расклалі на бярвеннях. Ніхто не думае пра канавы. Хаця б своечасова паглыблялі іх ды прачышчалі...

Сітуацыю каменціруе сябра АГП Сяргей Рубан:

— Вельмі цяжка назваць тыя вуліцы, дзе сёння ў Максімаўцы людзі не цярпелі б ад паводак. Па дарозе ў наш мікрараён адразу з чыгуначнага пераезду сутыкаешся з велізарнай калюжынай, падобнай на сажалку. Гэта нібыта своеасаблівая візітная картка нашага мікрараёна. Асобны знак: увага, на “торфбалоце” – патоп. Практычна, за рэдкім выключэннем, усе вуліцы і завулкі пасёлка заліты талай вадой. І невядома, як яна сы­дзе. Адкуль яна ўзялася? Па-першае, зімой Максімаўку засыпала снегам. Па-другое, вадасцёкавыя трубы, якія праходзяць між вуліцамі, забіты лёдам. Таму вада кепска сыходзіць у меліярацыйныя канавы. Жыхары Максімаўкі самі шукаюць выхад з сітуацыі, але тут неабходна рабіць велізарны аб’ём земляных работ. Мы не ў стане ўручную пракапаць водаадводныя трасы. Я ведаю, што ў некаторых камунальных арганізацыях Барысава ёсць адмысловая тэхніка.

Раней дзейнічалі канавы, і не было такога бедства, каб палова Максімаўкі патынала ў вадзе. Да таго ж нашаму мікрараёну троху пашанцавала ў савецкія гады. Быў, памятаю, адзін дэпутат у райсавеце (на вялікі жаль, прозвішча яго забыўся). Ён напрыканцы 80-х гадоў арганізаваў адсыпку пяці-шасці вуліц пяском. Запомніўся максімаўцам былы старшыня райвыканкама Васіль Дылюк. Дзякуючы яму, асфальтнай крошкай была засыпана Акружная вуліца. Па ёй даволі ажыўлена праходзіць аўтамабільны транспарт. Тут могуць без прыгод прайсці ў магазіны за прадуктамі пенсіянеры або хатнія гаспадыні…

А зараз мясцовыя ўлады на нас амаль не звяртаюць увагі. Можа, таму многія жыхары Максімаўкі з нецярплівасцю чакаюць прыезду ў Барысаў ініцыятара вядомай кампаніі “Кажы праўду!”, беларускага паэта Уладзіміра Някляева, які мае намер прывезці спецыялістаў па меліярацыі.

Ну а пакуль мае суседзі імкнуцца тэлефанаваць раённым уладам і гаспадарнікам, клічуць іх да сябе, але вынік роўны нулю. Страхоўку, самі чулі, атрымаць не проста. Я ведаю шмат жыхароў нашага мікрараёна, якія сёлета на выбары ў райсавет могуць не пайсці. У людзей праз няўвагу ўладаў да праблемаў Максімаўкі згублена вера ў дэпутацкі корпус.

Апытваў Андрэй ПАРЭЦКІ, фота аўтара


Послать комментарий
CAPTCHA image

Другие новости рубрики
Справочный стол
Командировка в США
ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ

Борисовские новости

Общественно-политический еженедельник. Борисовские новости. Букас медиа-центр.

добавить на Яндекс
Наши партнеры
Наиболее читаемые
Опрос

Что вы ищите в Борисовских новостях в первую очередь

или

Сервер изображений бесплатный хостинг картинок изображений Храни фото здесь!
создать демотиватор
Словарь медицинских терминов Минералы для детей Максимально доходчиво - МедикалБЕСТ
присоединяйся! обзоры игр в твоем городе
Это очень интересно: новости российского интернета Регистрируйся!

Архив сайта.



Подписка
Письмо редактору

Отправляйте нам свои идеи, пожелания, комментарии!

Написать письмо вы можете здесь.

Развлечения
Проект Авто в Минске. Продать Ваше авто с нами - без проблем.