Чыімі рукамі ўлады заграбаюць жар?
- Послать комментарий
- |
- Отправить ссылку другу
- Напечатать
- |
- Изменить шрифт:
- A+
- A-
Напомнім чытачам, што арганізатарам вышэйназванай кампаніі з’яўляецца беларускі паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Уладзімір Някляеў. Дарэчы, неаднаразова сёлетняй вясною ён сустракаўся з жыхарамі мікрараёна Дымкі, падвор’і якіх церпяць беды ад дажджавой і талай вады.
Дык як жа адбываўся вобыск у кватэрах барысаўскіх дэмакратаў і хто выконваў распараджэнні? Па сутнасці, парушылі правы людзей.
Пра гэта расказвае старшыня Барысаўскай раённай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Міхаіл Васільеў:
— 18 мая вобыскі кранулі 22 гарады, а таксама кватэры каля сямідзесяці актывістаў кампаніі “Гавары праўду!”, якую праводзіў зарэгістраваны законным чынам рух “Наперад”. У тым ліку ператрус быў наладжаны ў маёй кватэры і ў доме лідэра мясцовага прадпрымальніцкага руху, майго аднапартыйца і земляка Віктара Гарбачова. Людзей затрымлівалі, дапытвалі, а знойдзены “кампрамат” забіралі…
— Магчыма, вас вусна ці пісьмова пра маючую адбыцца міліцэйскую акцыю хто-небудзь з Барысаўскага РАУС загадзя папярэдзіў? Як гэта ўсё вонкава выглядала?
— Раніцай я выехаў у горад на ўласнай аўтамашыне і заўважыў, што за мной вядзецца нейкая, так бы мовіць, аўтаслежка. Адчуваючы нешта не вельмі добрае, я перасеў у аўтамабіль свайго сябра і на ім дабраўся да Мінска, завітаў у офіс кампаніі “Гавары праўду!” Не паспеў увайсці ў памяшканне, як туды літаральна ўляцелі каля пятнаццаці міліцыянтаў. Яны прад’явілі ордэр на вобыск, падпісаны пракурорам Ленінскага раёна г.Мінска. Наша акцыя быццам парушае 250-ы артыкул Крымінальнага кодэкса Беларусі. Цікава тое, што ордэры на вобыскі ў кватэрах актывістаў па ўсёй краіне падпісваў менавіта пракурор Ленінскага раёна сталіцы…
– Прысутных у офісе затрымалі?
– Канешне. Нас усіх перапісалі. Званіць не далі, выклікаць адвакатаў – таксама. Мяркую, міліцыянты асцерагаліся, што інфармацыя пра затрыманне распаўсюдзіцца ў іншыя гарады і, такім чынам, нашы аднадумцы будуць папярэджаныя. Праз гадзіну пасля ператрусу валанцёраў кампаніі Андрэя Дзмітрыева, Аляксандра Уліцёнка і Сяргея Вазняка пасадзілі ў “варанкі” ды павезлі на іх кватэры для вобыскаў. Астатніх даставілі ў Ленінскі РАУС. Пасля допытаў нас адпусцілі.
— Ці прад’яўлялі вам нейкія абвінавачанні? Ці бралі падпіску аб нявыездзе?
– Ніхто нічога не прад’яўляў.Цікавіліся пэўнымі аўтабіяграфічнымі звесткамі. Падпісак наконт нявыезду не бралі.
— Як адбываўся вобыск на кватэры ў Барысаве? Што міліцыянты шукалі? І хто завітваў у жытло з ордэрам?
– У той момант мяне не было ў Барысаве, і міліцыянты прыйшлі да жонкі на працу. Прад’явілі пастанову на вобыск. Што, пагадзіцеся, не вельмі прыемна. Потым завіталі ў маю кватэру. Тут выйшаў такі казус. У жонкі не было ключоў ад дзвярэй. Сама ж кватэра знаходзілася пад ахоўнай сігналізацыяй. Пакуль разабраліся з гэтай сітуацыяй, пакуль атрымалі ад службы аховы ключы, мінула некалькі гадзін. Затым пачаўся вобыск. Яго праводзілі маёр міліцыі А.Чуркін, а таксама яго памочнікі – міліцыянеры І.Музалёў, С.Бардзіян і А.Плутахін. Найперш гэтых людзей цікавілі носьбіты інфармацыі. Таму яны забралі сістэмны блок камп’ютэра, відэакамеру, касеты, дыскеты, дыскі. У тым ліку дыскі, якімі карыстаўся наш сын-школьнік. З дзіцячымі фільмамі. Забралі стары дыктафон, які ўжо сто год я не ўключаў. А таксама кнігі ды газеты. Забралі шмат дакументацыі партыйнага і сацыяльнага характару.
Аналагічная міліцэйская працэдура адбывалася на кватэры Віктара Гарбачова. Яго родныя-блізкія не паверылі, што ў жытло хочуць завітаць міліцыянты з вобыскам. Пакуль апошнія даказвалі, што яны тыя, за каго сябе выдаюць, прайшло шмат часу. Жонка Віктара адчыніла дзверы толькі тады, калі пачалося свідраванне замка... У кватэры ўсё перакапалі – шукалі электронныя ды іншыя носьбіты інфармацыі...
— Атрымліваецца, што дзякуючы ўладам і сілавым структурам вы прыцягнулі ўвагу да сваёй асобы?
— Згодзен. Арганізатары ператрусу непрадуманымі дзеяннямі зрабілі ініцыятыве “Гавары праўду!” піар-кампанію, і пра акцыю загаварылі ва ўсім свеце газеты, радыё, інтэрнэт-рэсурсы. Такім чынам, наша сціплая справа набыла міжнарожны розгалас і значэнне.
— З чым вас і віншуем.
— Вялікі дзякуй.
Максім Лабжанец, фота аўтара




